Суцін
Назва вёскі паходзіць ад прозвішча (яўрэйскага?) Суцін. Існуе легенда, што даўно-даўно купец Суцін стаў распрацоўваць лес на продаж. А край наш быў лясны, балоцісты. Вось гэта месца, што было выцераблена Суціным, стала паселішчам з назваю Суцін.
Вёска ў Блужскім с/с. За 19 км. на ПдУ ад Мар’інай Горкі, 74 км. ад Мінска, 10 км. ад чыгуначнай станцыі Талька на лініі Мінск – Асіповічы, на р.Суцінка (прыток р.Талька). 136 гаспадарак, 269 жыхароў (2012).
Вядома ў ВКЛ з 16 ст. У 1599 г. сяло ў Мінскім павеце Мінскага ваяводства. ВКЛ, уласнасць царквы. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У пачатку 19 ст. ў Ігуменскім павеце Мінскай губерніі, 19 двароў, 201 жыхар, шляхецкая ўласнасць. У 1858 г. вёска ў Амяльнянскай воласці, уласнасць Ц.Завадскай. У 1888 г. адкрыта школа граматы. У 1897 г. вёска – 41 двор, 195 жыхароў, піцейны дом, былі 3 лаўкі; ваколіца – 88 двароў, 871 жыхар, 2 лаўкі. У 1912 г. адкрыта 1-класнае народнае вучылішча. У 1917 г. вёска – 51 двор, 279 жыхароў; ваколіца – 80 двароў, 604 жыхары. З лютага да снежня 1918 г. вёска была акупіравана войскамі кайзераўскай ўГерманіі, са жніўня 1919 г. да ліпеня 1920 г. – войскамі Польшчы. З 1919 г. ў БССР. У 1922 г. працавала школа 1-й ступені. З 1924 г. цэнтр Суцінскага с/с Пухавіцкага р-на Мінскай акругі. У 1933 г. створаны калгас імя І.В.Сталіна, была кузня. У ВАВ з канца чэрвеня 1941 г. да пачатку ліпеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашыстцкімі захопнікамі. У гады вайны на тэрыторыі сельскага савета дзейнічалі партызанскія брыгады “Полымя”, імя М.І.Калініна, “Буравеснік”. У 1960 г. ў вёсцы 907 жыхароў. У 2002 г. цэнтр Суцінскага с/с і калгаса “Суцінскі”, 213 гаспадарак, 425 жыхароў; майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарны пукт, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, магазін. У 2010 г. 149 гаспадарак, 309 жыхароў. У 2013 г. на тэрыторыі СВК “Суцінскі”. З 2013 г. ў Блужскім с/с.
У вёсцы стаіць помнік землякам і брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі ў ВАВ.
Крыніца інфармацыі:
Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т.8. Мінская вобласць. Кн.4/ рэдкал.: Т.У.Бялова (дырэктар) [і інш.]; Нацыянальная акадэмія наук Беларусі; Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”. – Мінск: Беларус.энцыкл. імя П.Броўкі,2013. – 528 с.:іл.