Блужская бібліятэка
Гісторыя Блужскай сельскай бібліятэкі налічвае шмат гадоў. Упершыню ў Блужы хату-чытальню адкрылі ў 1932 годзе. Пад хату-чытальню было выдзелены асобны будынак, вялікі драўляны дом, які знаходзіўся ў пачатку вёскі недалёка ад чыгункі. Побач быў пабудаваны клуб. Падчас вайны клуб і бібліятэка згарэлі.
Пасля вайны хата-чытальня, як культурны цэнтр калгаса, была адкрыта ў доме Прановіч Веры Васільеўны. З успамінаў дачкі Веры Васільеўны Галіны Міхайлаўны « Паўднёвую частку дома аддалі пад хату-чытальню. З усходняга боку замест акна зрабілі дзверы. У куце была сцэна, стаяла печ, некалькі паліц з кнігамі, газетамі, часопісамі. Тут праводзіліся канцэрты, паказвалі кіно. Для наведвальнікаў і гледачоў кіно і канцэртаў паставілі лавы. Моладзь часта збіралася на камсамольскія сходы і рэпетыцыі канцэртаў».
У 1951 годзе была адкрыта сельская бібліятэка. У газеце "Сцяг працы" за 12 ліпеня 1951г. паведамлялася, што ёсць пастанова сёлета адкрыць сельскую бібліятэку з фондам 3 тысячы асобнікаў у Блужскім сельскім савеце. Фонд размясцілі ў будынку, які на сённяшні дзень не захаваўся. Да вайны ў ім жыў старшыня сельскага Савета Хлапняк. З успамінаў Прановіч Марыі Фёдараўны, сакратара сельскага савета: "У будынку быў агульны калідор. Злева знаходзіўся сельскі савет, а ў пакоі справа плошчай 12 кв. м. размясцілі бібліятэку. Уздоўж сцен стаялі драўляныя стэлажы. Бібліятэка кніг атрымлівала шмат, а акрамя таго, сельскі савет вылучаў сродкі на набыццё часопісаў і газет. У бібліятэцы заўсёды было шмат дзяцей. Першым бібліятэкарам Блужскай сельскай бібліятэкі была Мятліцкая Зінаіда Якаўлеўна. За 50 гадоў існавання бібліятэкі змянілася 16 бібліятэкараў.
Жыхары Блужскага сельскага савета, юныя прапагандысты кнігі Ала Рогава з в. Гарадзень і Пётр Прановіч з в. Берлеж загадвалі бібліятэкамі-перасоўкамі і абслугоўвалі 80 чытачоў.
Пасля бібліятэка размясцілася ў будынку сельскага дома культуры. У бібліятэцы пастаянна праводзіліся тэматычныя выставы. Апошні бібліятэкар Нохрына Галіна Іванаўна праводзіла мерапрыемствы, займалася краязнаўчай дзейнасцю, збірала цікавыя звесткі пра жыхароў вёскі.
У 2014 годзе Сельскі дом культуры быў зачынены па прычыне аварыйнага стану будынка. Сельскую бібліятэку аб'ядналі са школьнай. Зараз гэта інтэграваная бібліятэка ДУА " Блужскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа імя н. Чэпіка". Бібліятэка, гэтак жа і як раней праводзіць розныя мерапрыемствы, займаецца краязнаўчай працай. Загадвае бібліятэкай Хачатурава Юлія Рыгораўна.
Бібліятэкары Блужскай Бібліятэкі
Прановіч Вера Васільеўна разам з унучкай. У яе хаце пасля вайны была адчынена хата-чытальня.
Загадчык хаты-чытальні Лысак Валянцін Іванавіч
Першы бібліятэкар Блужскай сельскай бібліятэкі Мятліцкая Зінаіда Якаўлеўна
Бібліятэкар Заблоцкая Ганна Яўгеньеўна
Бібліятэкар Змачынская Любоў Мікалаеўна
Бібліятэкар Ракава Таццяна
Бібліятэкар Гулякевіч Тамара Васільеўна
Бібліятэкар Іўчук Таццяна Юр'еўна
Апошні бібліятэкар Блужскай сельскай бібліятэкі Нохрына Галіна Іванаўна