Слабодка
Так называліся паселішчы, жыхары якіх вызваляліся ад розных дзяржаўных або феадальных павіннасцяў (падаткаў). Насельніцтва такіх пасяленняў не ведала прыгону. Слабоды былі характэрны для Беларусі да XVIII ст. З XVIII ст. слабоды як спецыфічны тып пасяленняў знікаюць: яны ператвараюцца ў вёскі або мястэчкі. У шэрагу выпадкаў былыя агульныя назвы (слабада, слабодка) становяцца ўласнымі назоўнікамі. Са словам «слабада» або яго варыянтамі на Беларусі існуе больш за 150 назваў-тапонімаў. У Пухавіцкім раёне акрамя нашай Слабодкі ёсць вёска Зацітава Слабада, в. Слабада каля Шацка. Паходжанне слова «слабада» зразумелае: у аснову такіх найменняў пакладзены назоўнік «свабода», які ў народнай мове пераўтварыўся ў слова «слабода». Такім чынам, літаральна ў паселішчах-слабодах жылі свабодныя, самастойныя, незалежныя жыхары.
Вёска ў Блужскім с/с. За 19,5 км. на ПдУ ад Мар’інай Горкі, 73,5 км. ад Мінска, 0,5 км. ад чыгуначнай станцыі Талька на лініі Мінск – Асіповічы, каля р.Талька (прыток р.Свіслач). 31 гаспадарка, 57 жыхароў (2012).
У канцы 18 ст. вёска ў Ігуменскім павеце Мінскай губерніі, уласнасць князя Д.Радзівіла. У 1800 г. 9 двароў, 72 жыхары. У сярэдзіне 19 ст. ўласнасць Ц.Завадскай. У 1858 г. ў Блужскай воласці Ігуменскага павета, 62 жыхары. У 1897 г. вёска – 51 двор, 312 жыхароў; сядзіба – 4 двары, 30 жыхароў, у Амельнянскай воласці. У пачатку 20 ст. 32 двары, 148 жыхароў. У 1917 г. вёска Слабодка 1, 45 дварў, 261 жыхар, засценак Слабодка 2, 5 двароў, 24 жыхары. З лютага да снежня 1918 г. акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, са жніўня 1919 г. да ліпеня 1920 г. – войскамі Польшчы. З 1919 г. ў БССР. У 1920 г. адкрыта школа 1-й ступені. У ВАВ з канца 1941 г. да пачатку ліпеня 1944 г. вёска акупіравана нямецка-фашыстцкімі захопнікамі. У 1960 г. у Талькаўскім с/с, 237 жыхароў. У 2002 г. вёска ў Блужскім с/с, 53 гаспадаркі, 99 жыхароў, у калгасе імя С.М.Кірава. У 2010 г. 39 гаспадарак, 69 жыхароў. У 2013 г. на тэрыторыі сельска-гаспадарчага філіяла “Чырвоны май” ААТ “Мінскі завод ігрыстых він”.
Крыніца інфармацыі:
Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т.8. Мінская вобласць. Кн.4/ рэдкал.: Т.У.Бялова (дырэктар) [і інш.]; Нацыянальная акадэмія наук Беларусі; Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”. – Мінск: Беларус.энцыкл. імя П.Броўкі,2013. – 528 с.:іл.