Мацеевічы
Назва вёскі паходзіць ад імя Мацей.
Вёска ў Блужскім с/с. За 32 км. на Пд ад Мар’інай Горкі, 87 км. ад Мінска, 13 км. ад чыгуначнай станцыі Талька на лініі Мінск – Асіповічы. 22 гаспадаркі, 35 жыхароў(2012).
За 0,5 км. на ПдЗ ад вёскі, на правым беразе р.Талька, на ўскрайку лесу, ва ўрочышчы Гарадок размешчаны археалагічны помнік – гарадзішча. Вядомы у ВКЛ з 14 ст. У канцы 16 ст. вёска ў Мінскім павеце Мінскага ваяводства, шляхецкая ўласнасць. У пачатку 19 ст. сяло ў Ігуменскім павеце Мінскай губерніі, уласнасць шляхціца і частка Серафімаўскага францысканскага манастыра, 24 двары, 144 жыхары. Троіцкая царква, карчма, вадзяны млын на р.Мацееўка. У 1858 г. побач з сялом быў маёнтак Лісоўскіх. У 1885 г. адчынена школа граматы. У 1902 г. заснаваны вінакурны завод. У 1917 г. ў сяле 50 двароў, 274 жыхары; маёнтак, 28 жыхароў. З лютага да снежня 1918 г. акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, з жніўня 1919 г. па ліпень 1920 г. – войскамі Польшчы. З 1919 г. ў складзе БССР. У пачатку 1920-х г. працавала школа 1-й ступені, у пачатку 1930-х г. калгас “Мацеевічы”, дзейнічала кузня. У ВАВ з канца чэрвня 1941 г. да пачатку ліпеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашыстцкімі захопнікамі. У 1960 г. вёска ў Суцінскім с/с, 385 жыхароў. У 2002 г. 44 гаспадаркі, 70 жыхароў; у 2010 г. 23 гаспадаркі, 44 жыхары. З 2013 г. ў Блужскім с/с.
У вёсцы захаваўся помнік драўлянага народнага дойлідства праваслаўная капліца канца 19 ст. Вёска знаходзіцца на тэрыторыі рэспубліканскага біялагічнага заказніка “Мацеевічы”.
Крыніца інфармацыі:
Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т.8. Мінская вобласць. Кн.4/ рэдкал.: Т.У.Бялова (дырэктар) [і інш.]; Нацыянальная акадэмія наук Беларусі; Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”. – Мінск: Беларус.энцыкл. імя П.Броўкі,2013. – 528 с.:іл.