Лухвіч
Аляксандр
Аляксандравіч
Беларускі фізік. Доктар тэхнічных навук, прафесар, загадчык лабараторыі дзяржаўнай навуковай ўстановы " Інстытут прыкладной фізікі НАН Беларусі"
Нарадзіўся ў 1936 годзе ў вёсцы Гарадзень Блужскага сельскага савета ў сялянскай сям'і. Пасля вайны бацькі пераехалі ў вёску Суцін. Дзесяць класаў скончыў у Талькаўскай сярэдняй школе з залатым медалём. У 1960 годзе скончыў фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Уся наступная навуковая дзейнасць звязана з Нацыянальнай акадэміяй навук Рэспублікі Беларусь, дзе А. А. Лухвіч працуе загадчыкам лабараторыі Інстытута прыкладной фізікі. У навуковым свеце ён вядомы вучоны ў галіне фізікі, магнітных і электрычных з'яў, з'яўляецца аўтарам 170 навуковых прац, у тым ліку двух манаграфій і брашуры, 55 аўтарскіх пасведчанняў, атрымана 11 замежных патэнтаў. Ім падрыхтавана 8 кандыдатаў навук. Выконвае значную навукова-арганізацыйную працу, член спецыялізаваных саветаў па абароне дысертацый пры Інстытуце прыкладной фізікі і Беларускім дзяржаўным універсітэце, член Агульнага сходу Аддзялення фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі АНБ ад калектыву навуковых супрацоўнікаў, член праўлення Беларускай асацыяцыі неразбуральнага кантролю і тэхнічнай дыягностыкі.